

2. Гісторыя Беларусі. Стары Запавет Старым Запаветам гісторыі Беларусі быў залаты век Полацку й Вялікага Княства Літоўскага. Гэта сапраўды легенда. Эра мудрых. Эра праведных войнаў, герояў і волатаў, раскошных палацаў, яна дайшла да нас у велізарных пыльных кнігах, якія яшчэ чытаць і перачытваць.
Беларусь нараджалася на стратэгічным стыку цывілізацыяў, земляробчай Эўропы й качавое Азіі. Гэткім жа чынам сышоўся ў трох кантынэнтах Блізкі Ўсход, прарадзіма трох глябальных рэлігіяў. Так падымаецца вяршыня сьвету, Тыбэт з Гімалаямі, дзе сутыкнуліся ўсходнія гіганты, Кітай і Індыя. Важнейшае геапалітычнае скрыжаваньне - гэта гістарычны крыж Беларусі яшчэ з часоў Усяслава Чарадзея. Між варагаў і грэкаў, між Кіевам і Ноўгарадам, між Русьсю й Эўропай.
Менавіта тут, у Эўрапейскай Сарматыі канцэнтравалася супрацьстаяньне двух варожых сьветаў. У ракавым 13-м стагодзьдзі настаў рашаючы час: у глыбіні дзікіх стэпаў Азіі нарадзілася аграмадная мангольская арда Тамэрлана, і рушыла на Захад, зьмятаючы на сваім шляху царствы й ханствы... Увадначасьсе зь ёй увабраўся ў сілу браняваны Ордэн нямецкіх крыжакоў, і памкнуў на Ўсход, разрубаючы Польшчу, Прусію, Лівонію. Дзьве першародныя плянэтарныя стыхіі, такія сугучныя, няўмольна накатвалі насустрач адна адной, каб сысьціся ў двубоі. І ў Міжмор'і, у самае гарлавіне Ўсходняй Эўропы, дзе магло захлынуцца крывёю ў катастрафічным пабаявішчы ўсё сярэднявечнае чалавецтва - раптам, дзіўным чынам, узьнікае магутная дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае. І спыняе сусьветнае сутыкненьне. Стагодзьдзе - і перад уладным полем спакою асядае Арда. Яшчэ стагодзьдзе - і ў прах рассыпаецца Ордэн.
На гэтай зямлі ўва ўсе часы шукалі, намацвалі тую самую мяжу Эўропы з Азіяй: ці то па Дняпры, ці па Бугу, па Вялікім вадападзеле, па Менскім мэрыдыяне... Важна зразумець: граніцы няма й ня можа быць у прынцыпе. У дрымучай Беларусі зьнікаюць межы. Усё распушчаецца ў прывідным сутоньні, перад якім з сумненьнем спыняюцца ўсе заваёўнікі.
Вялікае Княства становіцца лідарам агульнаславянскага Рэнэсансу. Беларускія Бібліі, друкі й шрыфты, Рэфармацыя й вуніяцтва, віленскае барока й унікальныя рамёствы 16-17 стст. абудзілі магутныя сілы духу ў нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. Вялікае Княства Статуту, было тэрыторыяй парадку -сярод маскоўскае апрычніны, запароскае казаччыны, каталіцкае інкізыцыі й тэўтонскага вераломства. І, што самае дзіўнае, на раздарожжы рэлігіяў, сярод бяздоннага іх памяшаньня, у эру варфаламееўскіх начэй - Княства верацярпімасьці. Ува ўсёй Эўропе катавалі, палілі, вешалі зусім па-жыцейску, а на гэтай зямлі цэлыя стагодзьдзі падобнае было выключэньнем. Сюды натоўпамі сьцягваліся іншаверцы, навукоўцы й гнаныя праведнікі.
Вельмі паказальна, што разваліла ВКЛ менавіта міжканфэсійнае пытаньне. Калі сілу веры канчаткова спараліжавалі царкоўна-касьцёльныя разборкі, калі велічная раскоша пачала па-фарысэйску папахваць разбэшчанасьцю, гэтая краіна ўжо выканала сваю задачу. Эўропа стаяла на парозе прамысловых рэвалюцыяў; Азія ўжо трансфармавалася ў Расейскую й Асманскую імпэрыі.
Эпоха Старога Запавету канула ў лету. З Рагвалодам і Рагнедаю, зь легендаю пра Палямона, з мудрымі Саламонамі, гарадзенскім Давідам, са спрадвечнай славай, тысячай казак, якіх больш ніколі ня будзе. Час прыціх.
Сапраўды, геаграфічныя імпэрыі развальваюцца. Шкадаваць ВКЛ ня мае сэнсу. Таму, што гісторыя Беларусі пачынаецца зноў - з Новага Запавету.
http://www.mfront.net/index.php